У суботу, 17-га снежня, у Лондане асвяцілі новазбудаваную грэка-каталіцкую царкву святога Кірылы Тураўскага і Усіх святых заступнікаў беларускага народу.
Беларуская ўніяцкая царква – першая драўляная святыня ў брытанскай сталіцы з часоў вялікага лонданскага пажару 1666 года.
Асвячэнне беларускай царквы ў Лондане
Прычашчэнне вернікаў
На асвячэнне царквы прыбылі апостальскі нунцый у Вялікай Брытаніі архібіскуп Антоніо Меніні ды біскуп Глеб Ланчына – галава Украінскай грэка-каталіцкай епархіі Святой Сямʼі ў Лондане, апостальскі візітатар для грэка-каталікоў у Беларусі Сяргей Гаек, беларускае рыма-каталіцкае і грэка-каталіцкае духавенства, прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Брытаніі, а таксама вернікі з Беларусі.
Унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч распавяла пасля літургіі пра дзейнасць дзіцячага фонду «Сакавік», паведаміў у сваім «Фэйсбуку» беларускі святар Сяргей Сурыновіч.
Айцец Сяргей Стасевіч і ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч
Беларуская царква ў Лондане звонку
Унутры царквы
Царква святога Кірылы Тураўскага і Усіх святых заступнікаў беларускага народу – мемарыял ахвярам атамнай катастрофы 1986 года ў Чарнобылі. Яна размешчаная побач з Марыян Хаўзам – будынкам, з якога пачыналася гісторыя Беларускай каталіцкай місіі ў 1946 годзе, насупраць Беларуская бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны, заснаваных у Лондане беларускімі ўніяцкімі святарамі.
Архітэктар праекту – малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со, які з’яўляецца грэка-католікам і цікавіцца беларускай культурай.
Пабудова царквы была вялікай марай шматгадовага кіраўніка беларускай каталіцкай місіі айца Аляксандра Надсана, рэалізацыю якой рупліва працягваў айцец Сяргей Стасевіч, адказны за душпастырства беларускіх грэка-каталікоў у Лондане.
belsat, МЯ. Фота з «Фэйсбуку» айца Сяргея Сурыновіча