75 гадоў малітоўніку “Божым шляхам”

75 гадоў малітоўніку “Божым шляхам”

Сёлета споўнілася 75 гадоў малітоўніку (ці малíтаўніку, як на вокладцы падпісана) “Божым шляхам”, які а. Леў Гарошка выдаў у Рыме ў 1946 г.

Ягоны зьмест добра адлюстраваў і той час, і самога аўтара, які быў добрым багасловам і быў знаёмы зь беларускай і ўкраінскай уніяцкімі традыцыямі. Ён адкрываўся штодзённымі малітвамі па-царкоўнаславянску і па-беларуску, а рэшта кнігі – толькі па-беларуску: прынагодныя малітвы, караценькі катэхізм, царкоўны сьпеўнік і нават каляндар з пасхаліяй. Разьдзел прынагодных малітваў – нібы рэха паваенных гадоў: тут і малітва за загінулых у вайне, і малітва сіраты, і малітва ў няшчасьці, але таксама й малітва за беларускі народ, а таксама малітвы дзеля больш празаічных патрэбаў: перад ежай, пасьля ежы, перад сном і г.д.

Верагодна, што гэта быў першы грэка-каталіцкі малітоўнік на сучаснай беларускай мове. Немагчымае на Бацькаўшчыне нашы суайчыньнікі рабілі на чужыне. Значэньне малітоўніка далёка пераўзыйшло і ягоны малюсенькі фармат (ён лёгка зьмяшчаўся на далоні), і свой час. Ён быў першым падручнікам веры на роднай мове для многіх нашых суродзічаў. Ён даў назву бадай найлепшаму рэлігійнаму часопісу беларускай паваеннай дыяспары, які а. Гарошка пачаў выдаваць у 1947 г. А калі ў самым пачатку 1990-х малітоўнік перавыдала рэдакцыя менскага часопіса “Унія”, то вернікі адроджанай Царквы вучыліся веры і маліліся паводле яго.

Адсканаваны малітоўнік “Божым шляхам” ёсьць на сайце Беларуская Палічка.

Гэты артыкул быў удакладнены і пашыраны газэтай “Царква”