Кароткі побыт а. Гарошкі ў Рыме ў 1945-46 гадох быў адметны ня толькі публікацыяй верагодна першага ўніяцкага малітоўніка на сучаснай беларускай мове, але і зьяўленьнем – таксама па-беларуску – папскай энцыклікі да 350-годзьдзя Берасьцейскай Уніі.
Вось як а. Аляксандар Надсан апісвае тыя падзеі:
“У 1944 годзе перад наступам савецкіх войскаў айцец Гарошка ўцёк у Нямеччыну. У 1945 годзе ён напісаў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю ў Рым справаздачу пра стан Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі i спытаўся, што рабіць далей. Не атрымаўшы адказу і не пытаючыся ў нікога дазволу, ён дабраўся да Рыму i прыйшоў ва Ўсходнюю Кангрэгацыю. Там нарэшце зьвярнулі на яго ўвагу i нават далі памяшканьне ў Русікуме за кошт Кангрэгацыі. У Рыме айцец Гарошка, атрымаўшы дазвол ад Усходняй Кангрэгацыі, пачаў працу над беларускім малітаўнікам Божым шляхам, які выйшаў на пачатку 1946 году. На той год прыпалі 350-я ўгодкі Берасьцейскай Вуніі 1596 году. З гэтай нагоды папа Пій XII выдаў 25 сьнежня энцыкліку Orientales omnes. Айцец Гарошка пераканаў Усходнюю Кангрэгацыю, што неабходна перакласьці энцыкліку на беларускую мову. Ён таксама настаяў, каб, беручы пад увагу абставіны XX стагодзьдзя, лацінскае слова “Rutheni” (“рускія”) перакладалася як “беларусы i ўкраінцы”. Кангрэгацыя доўга вагалася, але нарэшце згадзілася. Перамога была невялікая, але важная. Да айца Гарошкі ў Рым прыяжджала даволі шмат беларускіх сьвятароў i студэнтаў, але ніводзін зь ix не зрабіў высілкаў, каб царкоўныя ўлады прызналі Беларусь як асобную нацыю з сваімі патрэбамі i памкненьнямі. Можна сьмела сказаць, што назоў “Беларусь” зьявіўся на царкоўнай мапе дзякуючы айцу Льву Гарошку” (“Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус”, стар. 65-66).
Энцыклікі – лісты, зь якімі рымскія Папы (а таксама кіраўнікі некаторых іншых Цэркваў) зьвяртаюцца да ўсёй Царквы ці паасобных ейных частак. Найчасьцей іх тэмамі становяцца пытаньні веравучэньня. Напрыклад, у сваёй апошняй на сёньня энцыкліцы Fratelli tutti Папа Францішак разважае пра тое, якім магло б быць грамадзтва, збудаванае на ўзаемнай братэрскай любові.
Энцыкліка Orientales Omnes Ecclesias Пія XII – хутчэй гістарычнае эсэ. Яна нам сёньня можа быць цікавай настойлівым сьцвярджэньнем таго, што рымскія Папы імкнуліся захаваць усходні характар “рутэнскай” Царквы: заахвочвалі захоўваць абрады ад лацінізацыі, пагадзіліся на захаванне юліянскага каляндару, атулялі грэка-каталікоў “тою самаю бацькаўскую любоўю, што й іншых каталікоў” (стар. 13).
Orientales Omnes Ecclesias заканчваецца заахвочваньнем выстаяць у выпрабаваньнях у постваенным сьвеце:
“Добра ведаем, што вельмі моцныя подступы настаўлены для вашае веры. Ды здаецца трэба баяцца , што ў набліжэйшых днёх магчыма прыйдзецца цярпець шмат бол[ь]шыя крыўды тым, якія ня згодзяцца з[д]радзіць найсьвяцейшую справу веры” (стар. 26).
Энцыкліка стала маніфэстам пра клопат Апостальскай Сталіцы пра беларускіх каталікоў, у тым ліку – усходняга абраду. Вельмі хутка былі створаныя місіі (г. зн. асяродкі) у Парыжы і Лёндане. Іх узначалілі адпаведна айцы Леў Гарошка і Чэслаў Сіповіч. Місіі адыгралі важную ролю ў захаваньні й разьвіцьці як рэлігійнага жыцьця беларусаў у дыяспары, так і ў рэалізацыі грамадзкіх, культурных і палітычных памкненьняў нашых суайчыньнікаў у паваеннай Эўропе. Чэслаў Сіповіч стаў першым на эміграцыі беларускім каталіцкім біскупам у 1960-м годзе і ўдзельнічаў у Другім Ватыканскім Саборы. Ён быў цэнтральнай фігурай беларускага жыцьця ў Брытаніі больш за 30 гадоў. Пакуль грэка-каталікі абжывалі Парыж і Лёндан, рыма-каталіцкі сьвятар Пётра Татарыновіч заснаваў у Рыме Беларускую сэкцыю Радыё Ватыкан. Такім чынам, хрысьціянская вера прапаведавалася на нашай мове ва ўсіх даступных тады формах: праз асяродкі, канферэнцыі і лекцыі, выданьне кніг і часопісаў, праз радыё.
Адсканаваную беларускую копію энцыклікі Orientales Omnes Ecclesias можна пабачыць у электронным архіве лёнданскай беларускай бібліятэкі, а ейны тэкст на некалькіх мовах – на сайце Апостальскай Сталіцы.