Вера Рыч пра Торвальда Кодрансана – ісьляндзкага місіянэра ў старажытным Полацку

Вера Рыч пра Торвальда Кодрансана – ісьляндзкага місіянэра ў старажытным Полацку

Падчас нядаўняга візыту ў Ісьляндыю кіраўнічка дэмакратычнай Беларусі Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала з прэзыдэнтам краіны магчымасьць устаноўкі помніка Торвальду Кодрансану, падарожніку і місіянэру канца Х стаг., які памёр і быў пахаваны ў старажытным Полацку, і ўважаўся там за сьвятога. Адна з самых раньніх у беларускай гістарыяграфіі публікацыяў пра Торвальда Падарожніка належыла Веры Рыч, шматгадовай верніцы нашай лёнданскай супольнасьці. Ейны артыкул зьявіўся ў часопісе “Божым шляхам” у 1965 г. Прапануем яго вашай увазе тут ніжэй.

Ужо ў нашым стагодзьдзі гісторык Андрэй Катлярчук разглядаў магчымасьць таго, што менавіта ад Торвальда пачынаецца хрысьціянская гісторыя Беларусі. Але зь яго высновамі далёка ня ўсе згодныя.

Раньняя сьвятыня на Беларусі

(Паводля Ісляндзкай Сагі) 

Сярод розных вестак аб беларускіх гарадах i землях ў ісляндскіх сагах,[1] найбольш цікавай бяз сумлеву зьяўляецца вестка аб раньняй царкве бліз Полацку i аб магіле пахаванaга там ісляндца, якога мясцовае насельніцтва ўважала за сьвятога.

Захавалася дасюль перадусім Kristnisaga ў расказе аб Хросьце Ісляндыі. Расказ гэты ведамы нам з рукапіснага зборніку Hauksbok, складзенага на жаданьне Гаўкра, сына Эрленда,[2] які праўдападобна напісаў прынамсь частку яго ўласнаручна.[3] Гаўкр (?-1334) быў знатным ісляндцам i займаў важныя становішчы ў Ісляндыі i Нарвэгіі. Зборнік адлюстроўвае ягоныя шырокія зацікаўленьні. Там можна знайсьці усё: гісторыю, геаграфію, новую арытмэтыку з арабскімі лікамі, астраномію i філязофію. Галоўную частку аднак яго складаюць расказы аб засяленьні i хросьце Ісляндыі. Апошні расказ быў складзены ў дайшоўшай да нас форме праўдападобна ў канцы 13-га стаг. з ранейшых жаролаў, сяньня загінуўшых.[4]

Крыстнісага кажа, што сярод першых апосталаў Хрысьціянства ў Ісляндыі былі Торвальд, сын Кодрана (які прыняў Хрост y часе свайго побыту ў Саксоніі) і, крыху пазьней, Стэфнір, сын Торгільса. Выглядае, што іхнія стараньні спярша ня прынесьлі жаданых вынікаў i абодва яны павінны былі пакінуць Ісляндыю. Некалькі год пасьля аднак Хрысьціянства там сталася афіцыяльнай рэлігіяй. Але паслухаем цяпер, што кажа нам Крыстнісага (разьдзел 12): 

«Лета, калі Хрысьціянства было зацьверджанае правам y Ісляндьіі, было 1000 зімаў[5] ад нараджэньня Госпада Нашага Ісуса Хрыста. У тым самым годзе кароль Оляф[6] зьнік з Доўгай зьмяі,[7] на поўдзень ад Свольду, y чацьвёрты дзень перад ідэс (г. зн. 13-га) верасьня, панаваўшы ў Нарвэгіі пяць зімаў. Пасьля яго пачаў панаваць Эйрэк, сын Ярля Гакона. Пасьля таго, як прапаў Оляф, Торвальд сын Кодрана i Стэжнір сын Торгільса спаткаліся i паехалі разам y Ерузалім, a адтуль y Канстантынопаль (Міклягард) i ў Кіеў (Кайнугард) на ўсход па Дняпры. Торвальд памёр на Русі (Рузія), недалёка ад Полацку (Пальтэскія) i ён там пахаваны на гары пры царкве сьвятога Яна Хрысьціцеля i людзі лічуць яго сьвятым. Вось што кажа аб ім Бранд Вялікі Падарожнік: 

Я прыйшоў туды,
Дзе Торвальду
Сыну Кодрана
Хрыстос дараваў супакой.

Там яго гроб 
На высокай гары
У Дрофне
Пры царкве сьвятога Яна.[8] 

Стэжнір паехаў на поўнач y Данію…» i т. д. 

Больш падробныя весткі аб усім гэтым дае нам Таттр (г. зн. кароткая сага) аб Торвальдзе Вялікім Падарожніку. Гэты расказ захаваўся ў шматлікіх сьпісках (якіх мы ведаем толькі клясыфікацыйныя нумары),[9] a таксама, ў ведамым Flateyarbok, аб якім варта было-б напісаць асобны артыкул. У расказе даецца Торвальду крыху пераўвялічаная рэпутацыя сьвятасьці i папулярнасьці. Так напрыклад там гаворыцца, што Торвальд быў духовым дараднікам бізантыйскага імпаратара. Адным словам яго спаткаў лёс шматлікіх іншых вялікіх людзей старажытнасьці, вакол якіх пасьля іхняй сьмерці пачалі нарастаць лягенды. Аб тым, што нас тут цікавіць, Таттр кажа, што Торвальд збудаваў манастыр пры «саборы» сьв. Яна (зноў пераўвялічаньне: y Kristnisaga — гэта была звычайная царква) i сам памёр там манахам. У расказе гаворыцца, што манастыр «называецца манастыром Торвальда» i што ён стаіць «пад высокай гарой Дрофн».[10]

Трэба тут адцеміць, іпто, акрамя ісляндзкіх сагаў, мы нідзе больш не спатыкаем вестак аб гробе Торвальда бліз Полацку i аб скарочаным відзе i прапускаюць назоў мясцовасьці, царкве сьв. Яна Хрысьціцеля. Гэта аднак ня ёсьць доказам непраўдзівасьці ўсей гісторыі. Кіеўскія летапісы былі ў агульным варожа настаўленыя да Полацку i ёсьць даныя думаць, што прыхільныя да Полацку весткі ў Першапачатковым Летапісе былі зьнішчаныя.[11] Полацкія летапісы, якія захоўваліся пры саборы сьв. Сафіі, нажаль не дайшлі да нас.[12] Нам няведамы ўзгорак, ці «гара», Дрофн каля Полацку. Трэба аднак мець на ўвеце, што словы «недалёка» i «высокі» ёсьць вельмі адносныя. Спробы знайсьці славянскае значэньне назову Дрофн таксама не далі да гэтага часу жаданых вынікаў.[13]

Ёсьць аднак адна рэч, якая, на маю думку, паказвае праўдзівасьць расказу — менавіта тое, што царква насіла імя сьвятога Яна Хрысьціцеля. Сьвята Яна Хрысьціцеля прыпадае амаль y той самы час, што i старое паганскае сьвята Купалы, вельмі пашыранае сярод беларускіх плямёнаў. Ёсьць добра ведамым, што місіянэры стараліся, дзе маглі, “ахрысьціць” паганскія сьвяты і звычаі, надаючы ім новы хрысьціянскі зьмест. Гэта якраз напэўна здарылася з сьвятам Купалы. Дзеля гэтага нас не павінна дзівіць тое, што сьв. Ян Хрысьціцель беў вельмі папуляпным сьвятым ад пачатку на Беларусі і што ўжо ў першых гадох хрысьціянства мы там спатыкаем царкву, якая носіць ягонае імя. Хоць цяпер усе іншыя весткі аб ёй прапалі, як і загінула таксама магіла Торвальда, мы павінны быць удзячныя, што ў ісляндзкіх сагах захаваліся хоць нейкія весткі, якія адносяцца да самых раньніх часоў Хрысьціянства на Беларусі.


[1] Першы, хто зьвярнуў увагу на ісляндзкія сагі, як жаролы гісторыі Усходняй Эўропы, быў беларус па паходжаньню Язэп Сенькоўскі ў сваім артыкуле «Ісляндзкія cari» y І-шым томе «Біблиотеки для чтения» (1834), якой ён быў сам рэдактарам. 
[2] Ісляндзкія назовы людзей складаюцца звычайна з собскіх імёнаў i імёнаў па бацьку. Прозьвішчы, нават сяньня, бываюць вельмі рэдкімі. 
[3] Адносна паўстаньня Hauksbok гл. прадмову, якую напісаў Jon Helgason y Manuscripta Islandica, vol. 5, Hauksbok, Copenhagen 1960. 
[4] Паводля Jón Johanneson гэтая cara была, праўдападобна, напісана Стурлам сынам Торда. Гл. Gerdir Landnamabókar 1961, bač. 36-37, 70-71, 175-202. 
[5] Гады ў Ісляндыі аблічаліся паводля «зімаў». 3 другога боку Хрысьціянства, як правільна гаворыцца ў расказе, было ўведзена летам, бо яно было зацьверджанае на вечы (Althingi), якое зьбіралася летнім часам.
[6] Оляф сын Трыгві. Ён прыняў хрост на абтоках Сцылі (на паўднёвы захад ад Англіі) i быў такім чынам першым хрысьціянскім каралём Нарвэгіі. 
[7] Так называўся слаўны карабель Оляфа. Пасьля бітвы ля Свольду, дзе яго перамог Эйрык сын Гакона, Оляф выскачыў з карабля. Далейшы лёс ягоны няведамы, хоць хадзілі чуткі, што Оляф выратаваўся i скончыў сваё жыцьцё ў манастыры ў Грэцыі. Гл. G. Turville-Petre, Origins of Icelandic Litera­ture, Oxford 1953, pp. 194-195. 
[8] Для цікавасьці вось лацінскі тэкст верша Бранда, з паралельнага ісляндзка-лацінскага выданьня зробленага Арнамагнейскай Камісіяй y 1773 г.: 
Veni in locum
Ubi Thorvalldo
Filio Kodranis
Christus quietum indulget.
Illic sepultus est 
In cacumine montis
Cuiusdem in Drapne
Ad templum Johannis. 

[9] Вось нумары гэтых рукапісаў y выданьні Арнамагнейскай Камісіі: А. М. фаліял 61, 53, 54 i 552 (4-то). Сюды таксама трэба залічыць i A. M. 62, які аднак, як i Flateyarbók, розьніцца крыху ад папярэдніх.
[10] А. М. 62 і Flateyarbók падаюць расказ у крыху скарочаным відзе і прапускаюць назоў мясцовасьці, дзе стаяў манастыр. Усе іншыя падробнасьці аднак (падарожжа y Канстантынопаль, блізкасьць да імпаратара, залажэньне манастыра i сьмерць) там знаходзяцца.
[11] Гл. А. Von Reutz. “Eymunder Saga”, Dorpater Jahrbuch für Literatur, Statistik und Kunst. 1834, pp. 104-106,  дзе аўтар падазрае пазьнейшае скарачэньне Летапісу там, дзе гаворыцца аб барацьбе Брачыслава Полацкага з Кіевам (1016-1031). 
[12] Гл. B. I. Іконніков, Опыт Русской Історыёграфіі, том II, частка I, Кіеў 1908, бач. 535. Гэты аўтар уважае, што полацкія летапісы былі зьнішчаныя палякамі ў 1579 г. y часе вайны супроць Масквы. Магчыма аднак, што яны згінулі далёка раней, y часе пажару ў 1440 г. 
[13] Праблема ўскладняецца тым, што ў некаторых рукапісах назоў мясцовасыді падаецца як Drofn, a ў іншых як Dropn. Калі f ёсьць правідловым, дык гэта адказвала-б гуку в y першапачатковым славянскім назове. У ісляндзкай мове карэнныя галосныя назоўнікаў мяняюцца ў залежнасьці ад склону i праўдападобна гук а давальнага склону Drafni зьяўляецца галосным гукам славянскага арыгіналу.