У Імя Айца, і Сына, і Святога Духа.
Хрыстос уваскрос!
Дастойны айцец Сяргей, дарагія сябры!
Я вельмі цешуся нагодзе сустракацца і маліцца сёння разам з вамі тут, у беларускім грэка-каталіцкім храме ў Лондане. Аднойчы Божыя шляхі прывялі мяне ў Беларусь і яна засталася вельмі дарагім для мяне краем. Я сапраўды лічу сябе моцна звязаным з Беларуссю. Насамрэч сустрэчы з’яўляюцца часткай нашага жыцця. У пэўным сэнсе мы ёсць тым, з кім сустракаемся. Нездарма ў Кнізе Прыповесцяў чытаем: “Жалеза жалеза вострыць, а чалавек удасканальваецца сустракаючы іншага чалавека” (Пр 27, 17). Сустрэчы з іншымі людзьмі нас змяняюць, пакідаюць свой след у нашым жыцці.
Так сталася таксама і са мной. Частка майго сэрца засталася ў Беларусі, многія там мяне ведаюць і ўзгадваюць. Мой побыт у Беларусі гэта частка маёй асабістай адзінай і непаўторнай – які кожнага чалавека – гісторыі жыцця, якая мяне змяніла, сфармавала. Таму я вельмі цаніў гэтыя сустрэчы тады, і вельмі цаню кожную такую нагоду цяпер, таму я вельмі рады быць сёння з вамі.
Упершыню я спаткаўся з Беларуссю на самым пачатку 90-х гадоў. Як многія з вас напэўна ведаюць, у 1994 годзе мы заснавалі ў Полацку наш манастыр Студыйскага Уставу, дзе я жыў і служыў да 1996 году. Тады ж, напачатку 90-х, мы змаглі збудаваць пры манастыры ў Полацку драўляную царкву. У той час я разважаў: Саветы руйнавалі храмы, не пытаючыся дазволу ў нікога. Чаму ж я цяпер мушу пытаць ў кагосьці дазволу, каб збудаваць Божую царкву. І тады мы пачалі будаваць царкву без ніякіх дазволаў, нават калі потым не раз нам даводзілася адваёўваць нашае права на гэты храм. І гэта на сёння амаль адзіны рэальны, збудаваны за апошнія дзесяцігоддзі храм у Беларусі. Не ведаю, ці я зараз бы наважыўся на такі крок. Я быў маладзейшы, а моладзь заўсёды больш адважная.
Я служыў таксама ў іншых гарадах Беларусі, у тым ліку ў Віцебску. Мне вельмі прыемна было быць сведкам нараджэння гэтай парафіі. Я да сённяшняга дня памятаю адзін са шматлікіх выпадкаў – іх тады шмат розных было: у пэўны час нам не было дзе служыць і я пайшоў прасіцца да пратэстантаў, каб адслужыць Літургію. Яны былі трошкі прыгаломшаныя маёй просьбай, доўга радзіліся, а пасля ў наступную нядзелю мне сказалі: ведаеце, у нас у супольнасці раскол, мы не ведаем, што рабіць. Я ім тады сказаў, што не хачу ставацца прычынай вашых непаразуменняў. Таму праз некаторы час мы служылі ў розных месцах, у тым ліку нават і ў лялечным тэатры.
Пазней я пачаў ездзіць і ў Магілёў, дзе мы служылі на могілках, і ў Гомель. Наведваў таксама Берасце, быў прысутны пры заснаванні гэтай парафіі. Часта прыязджаў у Менск, служыў там і нават некаторы час быў капеланам адной маладзёвай супольнасці. Вось жа, я жыў нібы на поўначы, але насамрэч ездзіў ад паўночнай мяжы да паўднёвай, па ўсёй Беларусі.
Я меў таксама гонар ведаць айца Аляксандра Надсана, меў з ім вельмі добрыя стасункі. Я памятаю задумкі і ідэі айца Аляксандра, і ўжо цяпер айца Сяргея, які з’яўляецца яго пераемнікам, у тым ліку пра будаўніцтва гэтага храму. Я цешуся, што ён паўстаў тут, на брытанскай зямлі. Таму мне вельмі прыемна быць тут разам з вамі, раздзяляць з вамі прыемнасць гэтай сустрэчы.
Між тым, побыт у Беларусі — гэта і незабыўны досвед сустрэчаў з рознымі людзьмі, веручымі і тымі, хто яшчэ не спаткаў Бога, але таксама і складанасцяў, выклікаў, якія трэба было перадольваць.
Вось жа кожны з нас мае досвед цяжкасцяў, непаразуменняў, уласных абмежаванняў, няздатнасці переадолець свае слабасці. Нават сярод апосталаў не было ўсё ідэальна, і хаця іх паклікаў сам Госпад, яны засталіся грэшнымі людзьмі, таму часта праяўлялася іх чалавечая слабасць і абмежаванасць. Але незалежна ад гэтага Бог дзейнічаў. Сёння Бог той самы, і Ён дзейнічае, нягледзячы на нашыя грахі.
Часта мы наракаем, што нам не ўдаецца переадолець спакусы, слабасці ці непаразуменні з іншымі людзьмі. Часамі здаецца, што складанасці і спакусы мацнейшыя за нас. Але для таго, хто з Госпадам, няма цяжкасцяў, якія немагчыма пераадолець.
Хрыстос кажа “Ніхто не можа адабраць іх з рукі Айца Майго” (Ян, 10, 29). Ніякія абставіны, спакусы ці сумнівы не могуць вырваць нас з рук Айца, Бог заўсёды будзе трымаць нас у Сваёй руцэ. Таму мусім памятаць пра гэтую Божую любоў, і мусім верыць, што ўсё, што Бог дае нам у жыцці, Ён дае нам выключна для нашага дабра, для нашага асвячэння і збаўлення.
Вось цяпер Бог ставіць перада мной новы выклік. Як вы ведаеце або не, лёс закідае мяне ў іншы бок, на іншы кантынент. Цяпер месцам майго служэння будзе Чыкагская епархія. Між іншым, я ведаю, што там праз некаторы час была беларуская грэка-каталіцкая парафія, якая пасля яна прыпыніла сваё існаванне. Але я маю вялкае жаданне і мару аднавіць яе. Я ведаю, што там ёсць шмат эмігрантаў з Беларусі, і спадзяюся, што з цягам часу гэтая мара здзейсніцца.
Таму даручаю вашым малітвам маё будучае служэнне.
Хрыстос уваскрос!
20 траўня 2017