Богазьяўленьне

Богазьяўленьне

6 студзеня Царква адзначае ўрачыстасьць Сьвятога Богазьяўлення Госпада, Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. Сэнс гэтага сьвята ў тым, што Госпад явіў Сябе ўсяму стварэньню ў трох Асобах: Айцец сьведчыў з вышыні аб боскім сыноўстве Ісуса, Сын атрымаў гэтае сьведчаньне ад Айца, а Дух Святы сыйшоў ад Айца ў выглядзе голуба і спачыў на Сыне. Гэта першая праява найвялікшай з усіх таямніц «адзінасутнай і неразьдзельнай» Святой Тройцы – дактрыны, унікальнай для хрысьціянства.

Публічнае служэньне нашага Госпада пачалося з Ягонага хросту ў рацэ Ярдан з рук Прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна. Хрышчэньне зьяўляецца сымбалем сьмерці і ўваскрасеньня, бо Хрыстос уцелавіўся, каб памерці і ўваскрэснуць з мёртвых. Хрышчэньне ёсьць сымбалем пакаяньня і прабачэньня, бо Хрыстос прыйшоў як Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх сьвету. Хрышчэньне зьяўляецца сымбалем асвячэньня, бо Хрыстос прыйшоў, каб асьвяціць усё стварэньне. Хрышчэньне зьяўляецца сымбалем радыкальнага абнаўленьня. Кожны раз, калі нехта хрысьціцца, старое стварэньне зьнікае і нараджаецца новае. Хрыстос зьявіўся, каб зрабіць усё новым. Такім чынам, акт хросту зьмяшчае ў сабе ўсю таямніцу Хрыста, усю мэту Ягонага прыйсьця.

Кожны год у свята Богазьяўленьня ў нашых храмах зьдзяйсьняецца вялікі цуд. Святы Дух сыходзіць на ваду і зьмяняе яе прыродныя ўласьцівасьці. Асьвячаная вада атрымлівае ласку лячыць хваробы, адганяць дэманаў і ўсялякую нячыстую сілу, захоўваць людзей і іх жыльлё ад усялякай небясьпекі, а таксама асьвячаць розныя прадметы, ці то для выкарыстаньня ў царкве, ці то ў нашых дамох. Нам трэба спажываць асьвячаную пад час Богазьяўленьня ваду з вялікай пашанай, заўсёды памятаючы, што мы і ўсё Боскае стварэньне былі адкупленыя самім Творцам, які цяпер яўляе Сябе як адзінага Бога ў трох асобах: Айца, Сына, і Духа Сьвятога.

0 Comments

Add a Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *